top of page

ДАСЯГНЕННІ

ВУЧНЯЎ

У дадзенным раздзеле ў Вас ёсць магчымасць азнаёміцца з некаторымі творчымі работамі вучняў і настаўнікаў.

Сачыненне "Ты, Беларусь, мая Радзіма! І лепей за цябе няма"

Мой дружа, паслухай, хачу расказаць

Пра край беларускі, мірны, свабодны…

Усю непоўторнасць табе паказаць

Краіны ў свеце самай прыгожай.

Багаты гісторыяй край мой блакітны,

Крыламі буслоў і азёраў вачамі,

Неаглядным прасторам сініх нябёсаў,

Людзьмі, усім сэрцам краіне адданых.

Народ беларускі рахманы і слушны,

Гасцінны… Паверце,я не маню.

Мы любім усім сэрцам край свой адзіны,

Сваю Беларусь, калыску сваю.

Нямала нягод зямлі беларускай

Лёсам спаслана было…

Чужынцы кружылі навалаю чорнай.

На мёд быццам усіх іх нясло.

Ты зведала ўсё: і шчасце, і гора.

Цябе катавалі, палілі агнём,

Душылі ў засценках годнасць народа,

Глумілі і кпілі з мовы тваёй.

Але паўставала ты з попелу годна

І не скарылася прад ворагам тым,

Што здекам сваім кпіў з цябе, паднявольнай,

Хацеў растаптаць і знішчыць зусім.

Тваю прыгажосць, блакітныя вочы

Азёраў і пушчы, палі, сенажаць,

Діцячыя ўсмешкі і белыя крылы…

Панішчыць, патрушчыць, спаліць, зруйнаваць.

Гарэлі вёскі, знішчаліся людзі,

У руінах ляжалі твае гарады.

Тут кожны чацвёрты ўжо дома не будзе,

Не ўстане, не пройдзе па роднай зямлі!

Тваім абаронцам – вечная слава!

Лясам партызанскім – паклон да зямлі.

І тым, хто змагаўся з фашысцкай навалай.

Прагналі чужынцаў, цябе збераглі.

Паўстала, атрэсла ты косы льняныя,

Расправіла плечы, узняла галаву.

Народ твой цябе не пакінуў у галечы,

Не забыў у разрусе краіну сваю.

Руіны квітнеюць зараз садамі,

Крыламі ў неба рвуцца гмахі дамоў,

Шапочуць лістотай паркі над намі,

Утульныя вуліцы ў горадзе зноў.

Садам тваім – птушак, лугам тваім – красак,

Вёскам – буслянак, жанкам – немаўлятак.

Шчасця і лёсу усім тваім людзям.

Хай роспачы, слёз ніколі не будзе.

Мой край непаўторны сваёю красою!

Я лёсам звязана навекі з табою,

 З блакітным кавалачкам мірнага неба…

І іншага шчасця, паверце, не трэба.

Прайдзі прасторам сінім-сінім

Маёй Радзімы дарагой –

Гамоняць травы пад нагамі,

Буслы лятуць над галавой.

Прастор шырокі, неабсяжны:

Балот, палёў, лясоў і ніў…

Як хочацца абняць мне тое,

Што на чужыне бусел сніў.

Пад ветрам хіліцца бярозка,

Стаіць калодзеж пры двары,

І елак высіцца расчоска,

Жаўрук звініць у вышыні.

Азёры бераг пахавалі,

У аксаміт асокі, у чараты.

І сонца, узняўшыся з-за бору,

Туман развее на зары.

Дуб-волат у полі, ля хаты каліна,

Рачулка гоніць хвалі ў хлёст,

А на світанні бусла клёкат,

У затонах рыбы гучны плёст.

Нясуць крынічанькі-слязінкі

Напой гаючае вады.

Дзе знойдзеш ты такое дзіва?

Дзе йшчэ такое ўбачыш ты?

Тут кожны дзень праходзіць у шчасці.

Любоўю поўніцца душа.

Ты,  Беларусь,  мая Радзіма!

І лепей за цябе няма.

© Аўтар работы: Ракашэвіч Анастасія Валер’еўна

(Кіраўнік: Барташ Ірына Іванаўна)

Сачыненне "Што б я зрабіў для бяспекі працы работнікаў,

калі б быў дырэктарам"

     Калі б я быў дырэктарам установы адукацыі, то я б усімі сіламі імкнуўся забяспечыць бяспеку працы маіх супрацоўнікаў, бо лічу, што бяспека – адзін з асновапалагаючых фактараў арганізацыі працы і аснова паспяховага ўзаемадзеяння ўсіх людзей у калектыве.

     Давайце ўявім, што я дырэктар. Тады я, як кіраўнік, павінен несці асабістую адказнасць за сваіх падначаленых. А калі задумацца над тым, што нясуць за сабою словы “траўма, атрыманая на месцы працы”, то складаецца не вельмі добры малюнак.  Калі чалавек, які атрымаў траўму, добрасумленны і адказны работнік, то яму даволі складана будзе знайсці замену, а мая ўстанова адукацыі павінна будзе несці матэрыяльныя і маральныя выдаткі. Па-першае: неабходна будзе аплаціць ліст непрацаздольнасці пацярпеўшаму, па-другое: на маю ўстанову і на мяне можа быць накладзена адміністратыўнае пакаранне. Не на апошнім месцы будзе і тое, што такі выпадак дрэнна паўплывае на маральны настрой калектыва, а галоўнае – нічога няма даражэй за здароўе і жыццё чалавека, гэтага не купіш і не вернеш ні за якія грошы.

     Ды і аўтарытэт, як кіраўніка ўстановы, у вачах сваіх супрацоўнікаў губляць бы не хацелася. Што я за дырэктар, калі не прасачыў, не выканаў тое, што абавязаны. Таму, як адказны і добрасумленны кіраўнік, я б не толькі праводзіў інструктажы па правілам бяспекі, а ўзяў бы пад ўласны кантроль бяспечнасць рабочага месца кожнага супрацоўніка, таксама прадставіў бы сваім работнікам магчымасць для адпачынку. Стварыў пакой, дзе б кожны жадаючы пад час перапынку ў працы мог адпачываць: паслухаць прыемную музыку, папіць кавы ці гарбаты, пагартаць часопісы і газеты, або проста пагутарыць з калегамі.

     Пастараўся б, каб у маёй установе была зручная і бяспечная мэбля, асабліва сталы без вострых вуглоў і шафы без вялікай колькасці шкла. Дзеці – народ рухавы, і як за імі не сачы – усё можа здарыцца, таму лепш падумаць пра гэта загадзя і ўсё ўлічыць. Я б прасачыў, каб рабочыя месцы тэхнічнага і абслугоўваючага персанала былі добра ўкамплектаваны, каб усё было ў наяўнасці для добраякаснай і зручнай працы: сродкі індывідуальнай аховы, спецадзенне, спраўныя інструменты.

     Не на апошнім месцы, а, можна сказаць, на першым у мяне б стаяў кантроль за наяўнасцю ва ўстанове і правільным размяшчэнні сродкаў для тушэння пажару. Трэба ўлічваць і тое, што ўсё гэта павінны быць ў дастатковай колькасці і спраўна працаваць. Я б дастаткова жорстка прасачыў за тым, каб і дарослыя, і дзеці добра ведалі правілы паводзін і шляхі эвакуацыі з будынка на выпадак пажару, бо, пад час, гэта можа зберагчы жыццё. Як  кіраўнік, я нават выдзяляў бы сродкі на правядзенне мерапрыемстваў сярод дзяцей і дарослых па паводзінах ў экстрэмальных сітуацыях.

     Таксама трэба аддаць увагу і працоўнай дысцыпліне, бо калі ўсе будуць строга трымацца правіл бяспечных паводзін на сваім рабочым месцы, выконваць свае непасрэдныя абавязкі, то і словы “траўма, атрыманая на месцы працы” не будуць гучаць у маёй установе.

     Пры канцы я хачу сказаць, што самае дарагое з таго, што было падаравана чалавеку – гэта жыццё і здароўе, і кожнаму трэба накіраваць ўсе сілы, каб захаваць гэты падарунак. І калі дзеля гэтага трэба будзе прыкласці ўсе магчымыя і немагчымыя намаганні і сродкі, то так і павінен зрабіць сапраўдны кіраўнік любой установы.

© Аўтар работы: Гурын Дзмітрый Мікалаевіч

(Кіраўнік: Барташ Ірына Іванаўна)

Размова (экалогія)

На лузе ля рэчкі ветрык гуляе,

Сонейка ззяе, птушка спявае,

Шапочуць ласкава хвалькі ракі…

Рамонкі, званочкі, жучкі, матылькі.

 

– Мамка, матуленька, глянь, паглядзі!

Радасць іскрынкамі ў вочках іграе.

Малое прыбегла да маці сваёй

І ў далоньках штосьці хавае.

 

– Мамачка, глянь які жук у мяне.

Прыгожы, бліскучы, скрыдлảмі махае…

– Ну. Добра, сынок. Разглядзеў? Адпусці.

Няхай лепш над краскамі ён палятае.

 

– Чаму адпусціць? Ён прыгожы, жывы,

А красак я шмат яму назбіраю.

– Таму адпусці, што жывы. Хай жыве,

А краскі хай лепей красуюля гаю.

 

Навошта ірваць іх зашмат, марнаваць,

Бо кожная краска на лузе жывая.

І кожнай з іх вельмі дужа баліць,

Калі іх хтосьці дарэмна зрывае.

 

– І траўцы баліць? – А як жа. Баліць,-

Сур’ёзна ў адказ прамовіла мама.

– А кветцы? – І кветцы.

– А птушцы ідрэву? Лісточку? – Таксама.

 

– Мамка, а дрэвам праўда балюча бывае?

– Бывае, сыночку, бывае тады,

Як вострай сякерай на ствол прылятае,

Ці ломяць галінкі яго без пары.

 

– Мамуль, зімою ж дрэвы паміраюць.

Стаяць застыўшы, нібы мрой…

– Ды не, сыночку, толькі засынаюць,

Каб абудзіцца да жыцця вясной.

 

І светлы сок, бы кроў па жылам,

Хутчэй бяжыць па іх ствале,

Каб абудзіць вясной на голлі лісце,

На радасць сонейку, табе і мне.

 

І кветкі ў полі нам цвітуць на радасць.

Таму не трэба іх губіць, зрваць.

Няхай цвітуць. Бо лепей любавацца,

Чым венікі-букеты з іх вязаць.

 

– А восенню лісточкі ападаюць…

Няўжо ж та паміраюць усе яны?

– Ды не, сыночку, не. Не паміраюць.

Зямлю ўсцілаюць, каб жыццё дарыць.

 

Зляцяць лісточкі, усцеляць усё хусцінай.

Падораць цеплыню сваю зямлі.

І будуць грэць карэньчыкі, насенне,

Каб увесну кветкі расцвісці змаглі.

 

– Няўжо навокал усё-усё жывое?

Яно пяе, гамоніць і шуміць.

Яму і горка, як і мне бывае?

Яно і плача, калі што баліць?

 

– А як жа. Плачуць. І лясы, і пушчы,

І дрэвы, траўка, птушкі і звяры,

Калі агонь, што людзі не згасілі,

Знішчае, паліць ўсё… гараць яны.

 

А потым скардзяцца, стаяць чарнюткі.

Зубамі-галавешкамі тырчаць іх вугалькі.

І слёзы льюць звяры і птушкі,

І людзям наракаюць: “Вы не збераглі”

 

І рэчка плача, плачуць рыбкі,

Калі бутэлькі, шкло і бруд у вадзе.

Жучкі і конікі, і ягады-сунічкі,

Калі вясною паль на іх ідзе.

 

Крынічка плача, бо закідалі смеццем,

І бусел скардзіцца: “Як гадаваць дзяцей?”

Бо пря такіх адносінах з прыродай –

Пазнікнуць хутка жабкі і вужакі ўсе.

 

Так хочацца сказаць: “Адумайцеся, людзі!”

Прырода ж не бяздонная ў нас

Бо кнігі ні Чырвоная, ні Чорная

Не змогуць замяніць яе дляВас.

 

Навошта ўсё паліць, ірваць і нішчыць,

Што накануеце нашчадкам, лёс які?

Калі ж Вы так, то беларускую бярозку

Убачаць толькі на малюнку праз вякі.

 

Захоўвайце жыццё і беражыце.

Пачаць трэба з малога і тады –

Не згіне, не змарнее – расквітнее

Жыццё ішчасце на ўсёй зямлі.

 

– Мамуль, мамулечка, мамуля,

Калі я вырасту вялікі, вось такі,

Зраблю я так, каб ніхто нікому

Балюча не зрабіў на ўсёй зямлі.

 

– Сыночку мой, - матуля прыгарнула

Маленькага хлапчынку да грудзей.

– Харошы мой, так як сказаў – хай будзе,

Хай кожны прызадумаецца з людзей.

 

Прытулілася дзіцятка да матулі. Заснула.

– Набегаўся. Ну, што ж. Паспі, сынок.

Я веру, што з сённяшняй размовы

Зрабіць высновы для сябе ты змог.

 

Жыццё не перастану славіць

Ва ўсіх праявах на зямлі.

Нам гэты мір пад небам сінім, чыстым

Старацца трэба зберагчы.

 

І зберагчы яго не для кагосьці,

А для сябе і для сваіх дзяцей.

Каб не кусаць апослі локці,

“Любуючыся” на пустэчу ўсё часцей.

Не наракайце Вы на “экалогію”.

Што хтосьці вінават, толькі не мы.

Прызнайцеся: так робяць зараз многія…

А скардзіцца чаго? Трэба рабіць!

 

Ты не разбі бутэльку, сабяры паперкі,

Не выкіні бляшанку ў раку.

Ты не сарві ўсе на лузе кветкі,

Кастрышча не палі на тарфяку.

 

І не піхай нагамі мухаморы.

Яны ж к табе не чэпяцца ў бары.

Ты не жыві па прынцыпе, каторы:

“Мне добра сёння, заўтра – хоць згары”

 

Запомні: жывое ўсё навокал,

Яно жыве і хоча доўга жыць!

Не загубі! Яно табе аддзячыць –

Дабро за дабрыню будзе дарыць!

© Аўтар работы: Барташ Ірына Іванаўна

Верш "Лясун"

У пушчы глухой, дзе карчы, буралом,

Дзе дрэвы спляліся галлём у павець,

Ужо колькі стагоддзяў жыў стары Лясун,

Сівы і кашлаты, бы той мядзведзь.

 

Хадзіў, аглядаў гаспадарчым ён вокам

Свае ўладанні лясныя штораз.

Каб тут быў парадак на кожным прам кроку,

У бяду каб не трапіў хтосьці падчас.

 

Ідзе, усміхаецца ціха ў вусы,

Пагладжвае рукой бараду,

Ды раптам такое пабачыў, што ў скрусе

Прысеў на старым ён карчу.

 

Засыпана смеццем лясная палянка,

Прыдаўлен сунічнік увесь шклом.

А пад кустом – пустыя бляшанкі,

Паламана голле кругом.

 

Акінушы позіркам паляну са смеццем,

Уздыхнуў  толькі цяжка Лясун.

Не хочуць жыць у згодзе з прыродаю людзі,

Ганьбяць і марнуюць красу.

 

Ды тут адгукнулася гоманам рэха –

Кугулька пачуў галасы.

І на палянку выйшлі тут дзеці…

За суніцамі, мабыць, прыйшлі.

 

Пасталі групкай, зірнулі на смецце,

На слёзы Кугулькі (параніўся шклом),

Перазірнулісь, кіўнулі нарэшце,

Паклалі свае збанкі пад кустом.

 

Рассыпалісь дружна, узяліся за працу:

Сабралі бляшанкі і смецце кругом.

Шкло ссыпалі ў кошык… Ну, а Кугульку –

Перавязалі нагу ручніком.

 

З лагоднай усмешкай Лясун пазіраў

На працу памочнікаў шчырых сваіх,

Кугулька таксама іх не пужаў,

А ціха ўздыхаў: “Уух-і-і-іх”.

 

Прыбралі ўсё хутка і селі пад дубам,

Паслухаць пра лес аповед стары:

Пра птушак і кветкі расказваў Кугулька,

Лясун – пра звяр’ё ў зялёным бары.

 

Лясун сівавусы з Кугулькам-дарадцам

Параілісь ціхенька, стаўшы з краю.

Аддзячыць рашылі сваім памагатым:

Суніц ім насыпаць па поўным збанку.

 

Пабраўшы збаночкі, мяшэчкі са смеццем,

Бляшанкі пустыя і кошык са шклом,

Са старым Лесуном развіталіся дзеці,

Іх з пушчы Кугулька праводзіў гуртом.

 

***************

Не трэба кідаць смецце ўсюды і брудзіць.

Вам “Дзякуй!” прырода не скажа затым.

Берагчы і ахоўваць прыроду хто будзе?

Не возьмемся ўсе – згіне ўсё быццам дым!

© Аўтар работы: Курбацкі Мікалай

(Кіраўнік: Барташ Ірына Іванаўна)

Казка "Запалкі не цацка"

     Не далёка і не блізка, а недзе якраз пасярэдзіне свету ў адной самай звычайнай краіне і адбылася гэта гісторыя.

     У вялікім горадзе, у шматпавярховым доме, у адной з кватэр на кухні жылі-былі запалкі. Была ў іх і ўтульная каробачка-кватэра з беленькім бачком, і даволі ладная і шырокая палічка, ды і прозвішча ў іх было падыходзячае – Сярнічкіны. Запалкі былі сапраўднай сям'ёй, бо жылі ўсе разам і гарэлі адной справай. Праўда характары ў іх былі розныя. Адны запалкі моўчкі загараліся роўным полымем, другія –любілі напушчаць  дыму, а трэція – толькі шыпелі. Усё як у звычайнай сям'і. Але ўсё роўна яны былі дружнай сям'ёй, бо былі ўсе адзін за аднаго гарою і ніколі не сварыліся. Больш за ўсё запалкі любілі, калі надыходзіў вечар і за вялікім сталом на кухні збіралася сям'я людзей. Хочацца сказаць, што ў гэтай сям'і сапраўды было сем "Я". Бацька, маці і пяцёра дзяцей: два хлопчыкі і тры дзяўчынкі. Вечарам людзі за сталом пілі гарбату, елі смачныя цукеркі і пернікі, а яшчэ размаўлялі пра ўсё тое, што адбылося з імі за дзень. Запалкі тады высоўвалі свае цікаўныя насы з каробачкі і з задавальненнем слухалі тыя гісторыі.

     Але, калі ўсё ідзе добра, то абавязкова адбудзецца што-небудзь кепскае. Ужо не ведаю: ці само так здарылася, ці злыдзень які нашаптаў, ды ледзь не здарылася бяда.  Слухайце ўсё па парадку.

     У той дзень сям'я людзей сабралася ісці ў парк катацца на лыжах. Але самая малодшая з дзяцей, маленькая Надзейка, трошкі прыхварэла. Таму ў парк астатнія дзеці пайшлі з бацькам, а маці з Надзейкай засталіся дома. Маці вырашыла напаіць дачушку гарбатай з малінавым варэннем, бо, што ёсць лепш ад хваробы, як не маліна, і яны разам з малечай пайшлі на кухню. Матуля наліла ў чайнік вады і паставіла яго на пліту, але тут нехта пазваніў у кватэру. Гэта прыйшла бабуля Зося, іх суседка па пляцоўцы. Надзейка ведала, што бабулька старэнькая і часта просіць яе бацькоў дапамагчы ёй у якой-небудзь справе. І мама, і тата ніколі ёй у дапамозе не адмаўлялі. Вось і зараз. Маці, глянуўшы на дачушку, сказала, што на хвіліначку пойдзе да бабулі Зосі. Надзейка ж, разлажыўшы на стале алоўкі і альбом, нешта старанна малявала. У адказ на матуліна: “Паводзь сябе добра”, – яна згодна паківала галоўкай. Ды і калі гэта яна паводзіла сябе дрэнна? Не, яна, канешне, гарэза, як і ўсе астатнія дзеці, але матулю слухацца трэба. А пабегаць і падурэць можна і на дзіцячай пляцоўцы, ці ў парку, альбо ў бабулі ў вёсцы. Ды і хварэе яна зараз. Вось пап'е гарбаты з малінай, ачуняе, тады і пагуляць можна будзе на вуліцы. Але штосьці матуля доўга не ідзе. А як жа маліна?

     Надзейка пакруціла галавой па баках. На стале перад ёй стаяў пусты кубачак з маленькай лыжачкай і слоік з малінавым варэннем. На пліце стаяў халодны чайнік. Малеча ўздыхнула і хацела зноў узяцца за свой малюнак. Але тут яе як бы хто падштурхнуў, вочкі Надзейкі ўтаропіліся ў маленькую беленькую каробачку на палічцы. Вось! Яна сама зараз справіцца, яна ж ужо вялікая, ёй амаль пяць год. І ўчора, калі яна дапамагала матульцы накрыць стол да вячэры, яе назвалі сапраўднай гаспадынькай. Вось-вось, яна зараз усё зробіць сама.

     Надзейка падсунула маленькі ўслончык, узлезла на яго  і пацягнулася да палічкі, дзе ляжалі запалкі. У тых аж сэрцы зайшліся ад страху. "Як так? Ці можна? Пакладзі нас!" – крычалі запалкі, але Надзейка іх не чула. Яна з захапленнем разглядала каробачку з белым бачком і яе жыхороў. "Якая цікавая цацка", –думала Надзейка.

     Як тут не зацікавіцца. Маленькая каробачка, а з яе высоўваецца  шуфлядачка з тоненькімі драўлянымі палачкамі ўнутры. З аднаго боку ў палачак на канцы карычневыя галоўкі. Вой-вой-вой. Як жа цікава! Надзейка высыпала запалкі на стол і пачала ўважліва разглядаць каробачку і самі запалкі. Малая бачыла, як тата і маці неяк чыркалі гэтымі палачкамі па бачку каробачкі, і тады на канцы палачкі з'яўляўся маленькі агеньчык. Трэба і ёй паспрабаваць так пагуляць. "Не! Не! Не рабі так! Мы не цацкі! Мы працуем толькі з дарослымі людзьмі!" – спрабавалі дакрачацца да дзяўчынкі запалкі. Ды хто б іх слухаў! Надзейка  паднесла адну запалку да карычневай палосачкі каробачкі і ціхенька правяла па ёй. Але пашанцавала, і ёй у рукі трапіла адна з тых запалак, што з-за свайго характару толькі шыпелі. Да другой запалкі справа на шчасце не дайшла, бо пляснулі дзверы і на кухню ўвайшла матуля. Усе жыхары  маленькай каробачкі з палёгкай уздыхнулі. Іх сабралі назад у іх утульную хатку і палажылі на палічку. Толькі ім было крыху шкада маленькую Надзейку, якую маці паставіла ў куток. Але ўсе запалкі былі згодны з тым, што гэты ўчынак малечы заслугоўвае такога пакарання.

     Пад вечар, калі за сталом зноў сабралася ўся сям'я, пайшла размова пра правілы бяспечных паводзін.  Бацькі расказалі дзецям,як яны павінны паводзіць сябе ў розных сітуацыях, чаго ніколі нельга рабіць і якіх правіл трэба трымацца, каб захаваць  сваё жыццё і здароўе. Запалкі, як заўсёды, павысоўвалі з каробачкі свае цікаўныя насы і ўсё слухалі. Патлумачылі бацькі і Надзейцы, чаму яна зрабіла дрэнна, узяўшы запалкі, і чаму так нельга было рабіць. Расказалі і пра тое, што б магло здарыцца з-за гульні з маленькімі драўлянымі жыхарамі каробачкі. Запалкі ў гэты час толькі згодна ківалі галовамі, згаджаючыся з кожным сказаным словам. Пасля размовы, адзін са старэйшых хлопцаў узяў каробачку з запалкамі і на яе белым бачку чырвоным алоўкам напісаў: "Запалкі не цацка!"

     "Так і ёсць", – пагадзілася ўсё сямейства запалак. Бо якія ж яны цацкі? Не! З запалкамі гуляць нельга!

     Вось такая казка. Я спадзяюся, што кожны з вас штосьці наматаў сабе на вус. А калі хто нічога не зразумеў, то няхай чытае казку спачатку.

© Аўтар работы: Мякота Екацярына

(Кіраўнік: Барташ Ірына Іванаўна)

bottom of page